Яны змагаліся за Радзіму

Яны змагаліся за Радзіму

Меню

Гавораць дзеці вайны

Дзеці вайны

Яны сталі дарослымі. Аднак у іх памяці на ўсё жыццё засталося дзяцінства, апаленае вайной. Яны як ніхто ведалі цану жыцця, яны як ніхто цанілі жыццё. Ім слова.

Мамон Г.П.

Мамон Г.П.

З успамінаў Мамон Галіны Піліпаўны

У пачатку вайны мне было 11 год. Звесткі аб пачатку вайны пачула ва Ушачах, дзе была з татам на кірмашы. Жыхары вескі Чарнічонкі, дзе мы пражывалі, чым маглі дапамагалі партызанам: лупілі лазу, пяклі хлеб. Немцы прыехалі хутка, патрабавалі харчы. Доўгі час знаходзіліся ў весцы, здзекваліся з мясцовага насельніцтва, білі. Былі і паліцаі, выхадцы з вескі. Жыхары хаваліся ў акопах, на балоце. Прылеглыя вескі бамбілі, чутно было, як ляцяць снарады. У веску наведваліся партызаны. Аднойчы на Вялікдзень у хату забег партызан, сказаў, што немцы наступаюць і трэба хавацца. Усе пайшлі на балота, але немцы знайшлі жыхароў і выгналі назад у веску. Загарэлася адна хата. Усе рашылі, што іх будуць паліць. Але гэтага не адбылося. Сясцер Ніну і Таню пагналі ў Германію, але ў Літве яны ўцяклі. Разам з намі ў доме жылі бежанцы з Расоншчыны. Немцы доўга да нас у хату не заходзілі, бо я і мая малодшая сястра Люба хварэлі на тыф. Есці не было чаго. Маці пайшла да немцаў з просьбай, каб вярнулі карову, але яны не толькі не вярнулі, але яшчэ і боты адабралі, што былі абуты на ей. Цяжка сказаць, як удалося выжыць. Напэўна, думкі аб тым, што на фронце яшчэ цяжэй. А там змагаўся і мой родны брат Мікалай. Ды і бацька знаходзіўся ў палоне. Як вызвалялі веску – не бачыла, бо ўсе хаваліся на балоце. А вось вестку аб перамозе сустрэла, ідучы са школы. Плакала ад радасці і ад гора, бо брат загінуў на фронце. І матуля доўгі час з суседкай вечарамі галасілі, схаваўшыся ў жыце, па загінуўшых дзецях.


Долгая Н.А.

Долгая Н.А.

З успамінаў Долгай Надзежды Андрэеўны

Дзяцінства незабыўны час адабрала вайна. Было мне толькі пяць гадкоў, калі бацьку забралі ваяваць, а маці засталася з дзецьмі і ў дадатак цяжарная. Калі ва Ушачы прыйшлі немцы, сям’я наша жыла ў весцы Банькава, гэта ў пяці кіламетрах ад Ушачы. У маці нас двое і на руках грудное дзіця. Добра памятаю, як хацелася есці, хацелася сагрэцца і не баяцца.

Немцаў баяліся ўсе, бо не было таго дня, каб каго – небудзь не расстралялі за сувязь з партызанамі. Памятаю, як маці пасылала часам мяне і маленькага браціка да немцаў прасіць малака для маленькай сястрычкі. Былі і добрыя немцы. Бачачы, якія мы  худыя і спуджаныя, як праз слезы прасілі малака, давалі.
Па волі лесу засталіся жывыя. Калі пачалі хварэць тыфам, немцы сабралі ўсіх хворых, пасадзілі на калесы і павезлі за веску, каб там нас закапаць. На другой фуры была я і мой брат. А дзядуля Федар, бацька маей маці, жалезнымі рукамі ўпіўся ў калесы. Немец гнаў каня, біў дзядулю па руках. Але пальцы не разагнуліся, моцна трымаліся за фуру.
Дзядуля ўжо не бег, а цягнуўся за калесамі. І раптам – выбух. Гэта першая фура ўз’ехала на міну. Немец, які кіраваў другой фурай, перапалохаўся, выкінуў нас на зямлю, а сам таропка пагнаў каня назад у веску. Дзядуля забраў нас і прынес дадому
.  

З успамінаў Лісоўскай Зоі Сяменаўны

Да красавіка 1944 года пражывала ў Арэхаўне. У час блакады знаходзілася ў нямецкім лагеры ў весцы Катлубічы Лепельскага раена. Калі ў час блакады да нас у веску прыйшлі немцы, яны выгналі ўсіх з дамоў, пастроілі ў калоны і пагналі. Прыгналі ў Атрошкава, рассарціравалі. Старых і жанчын з малымі дзецьмі пакінулі ў весцы, а моладзь пагналі ў напрамку на Лепель. Ішоў вялікі дождж, мы ўсе прамоклі. Немцы загналі нас у веску Вярхоўе, дзе размясцілі ўсіх у адной бані. У бані мы пераначавалі, а раніцай галодных пагналі далей. Прыгналі ў Лепель, там пераначавалі, да нас далучылі яшчэ больш моладзі і пагналі далей. У весцы Пышна загналі ў лагер, абнесены калючым дротам. Там мы пераначавалі, а раніцай зноў пагналі ў невядомым накірунку. Гналі нас доўга. Прыгналі ў лес, дзе знаходзіўся нямецкі лагер, абнесены калючым дротам. Змясцілі ўсіх у адзін барак, там мы і жылі. Барак ахоўвалі канваіры з аўчаркамі. Кожную раніцу нас выстраівалі і па спіску правяралі, ці ўсе мы на месцы. Пасля гналі да дарогі, саджалі ў дрэзіну, везлі на работу ў Бярэзіна, Параф’янава на будаўніцтва вузкакалейкі. Кармілі адзін раз у дзень баландай і паілі горкім чаем.
На ўсе жыцце запомніўся адзін выпадак. Мы склалі частушку:
Надаела нам баланда,
Надаеў і горкі чай.
Прыязджай, таварыш Сталін,
Нас із плена выручай.

Мы гэту частушку спявалі ў бараку. А сярод нас была настаўніца – правакатар. Яна данесла немцам аб усім. Раніцай усіх выстраілі ў калону, зачыталі прозвішчы тых, хто спяваў, загадалі выйсці наперад. Што хацелі зрабіць – не ведаю. Але наш немец – канваір быў добры. Ен гаварыў, што ў яго дома есць дачка таго ж узросту, часта даваў хлеб з маслам, шкадаваў, што мы галадаем. Казаў, што не хоча ваяваць, іх прымушаюць. Менавіта ен і папрасіў за нас, каб нам дазволілі стаць назад у калону. Вызваліла нас Чырвоная армія.

X